ПТУШЫ́НЫЯ БАЗА́РЫ, птушыныя кірмашы, птушыныя горы,

масавыя каланіяльныя гняздоўі марскіх птушак, пашыраныя на ўзбярэжжах Еўразіі, Амерыкі, Паўд. Афрыкі, Новай Зеландыі, на акіянічных астравах Паўд. паўшар’я. Звычайна размяшчаюцца на стромкіх скалах, што прылягаюць да раёнаў мораў з высокай біял. прадукцыйнасцю, з берагамі, прыдатнымі для гнездавання. На П.б. суіснуюць віды, якія адрозніваюцца выбарам гнездавога ўчастка, кармамі і спосабамі іх здабычы. Найб. характэрныя прадстаўнікі П.б.: кайры, чысцікі, глупышы, чайкі-мыеўкі, бургамістры, белабрушкі, берынгавыя бакланы і інш. Гнездаванне на П.б. памяншае гібель яец птушанят ад драпежнікаў (напр., чайкі і крачкі сумесна адганяюць пясцоў і лісоў). Найб. буйныя П.б. налічваюць дзесяткі, а то і сотні тысяч пар гняздуючых птушак, распасціраюцца на дзесяткі кіламетраў.

Птушыны базар.

т. 13, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)